ВЫСОКАТРЫВА́ЛЫ ЧЫГУ́Н,

чыгун высокай (400—1500 МПа) трываласці і пластычнасці. Атрымліваецца пераважна мадыфікаваннем вадкага чыгуну прысадкамі магнію, кальцыю, цэрыю, ітрыю і інш. элементаў. Мае значную зносаўстойлівасць, высокія ліцейныя якасці, добра паддаецца мех. апрацоўцы. Выкарыстоўваецца замест сталі для вырабу каленчатых валоў, зубчастых колаў, шатуноў, муфтаў і інш. важных дэталей, а таксама замест коўкага чыгуну пры вырабе задніх мастоў аўтамабіляў, калодак, картэраў, фітынгаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)